Фільм Вольгі Дашук «Тры кіламетры да неба» атрымаў дыплом фестываля «MAGNIFICAT-2011» за лепшую рэжысуру!

Фільм Вольгі Дашук «Тры кіламетры да неба» атрымаў дыплом фестываля «MAGNIFICAT-2011» за лепшую рэжысуру!

Віншуем пані Вольгу з перамогай і высокай адзнакай яе прафесыяналізму!

6-10 верасня 2011-га года ў Мінску, Удзеле і Глыбокім прайшоў VII Міжнародны каталіцкі фестываль хрысціянскіх фільмаў і тэлепраграм «MAGNIFICAT-2011».

У межах фестывалю 8-га верасня ў мястэчку Ўдзела адбыўся прагляд дакументальнага фільму Вольгі Дашук «Тры кіламетры да неба» (Беларусь-Польшча, 2010, 17 хв.), які быў абраны для конкурснай праграмы разам з іншымі 38 фільмамі з 13 краін свету (Арменія, Беларусь, ЗША, Ізраіль, Іспанія, Італія, Літва, Польшча, Расія, Славакія, Украіна, Францыя, Чэхія). Фільм выклікаў жывую зацікаўленасць сярод гледачоў, пасля прагляду людзі падыходзілі да рэжысёркі фільма Вольгі Дашук, распытвалі яе пра гісторыю стварэння стужкі і лёс галоўных герояў.

Апісанне фільма на сайце фестывалю: «Андрэй жанаты на маладой і прыгожай жанчыне, якая кахае яго. Аднак жыццё іх цяжкае. Андрэй у росквіце гадоў, але паралізаваны і абсалютна бездапаможны. Ніколі не пакідае свайго пакою і свайго ложку. Амаль што ніколі… Аднаго ж разу з'явілася ў яго дзіўная думка…».

Трэйлер фільма «Тры кіламетры да неба» — 5-хвілінны ўрывак — можна паглядзець як на самім сайце фестывалю, так і на партале YouTube.

На сайце фестывалю створаны каталог усіх фільмаў-удзельнікаў фестываля «MAGNIFICAT-2011». У ім можна праглядзець трэйлеры, стопкадры з фільмаў, азнаёміцца з анонсам і інфмармацыяй аб кожным фільме. Да таго ж, трэйлеры па фільмам фестывалю размешчаны на канале YouTube.

Фестываль стаў традыцыйнай пляцоўкай сустрэч і конкурсаў мастакоў хрысціянскага кіно і тэлебачання. З кожным годам пашыраецца геаграфія яго ўдзельнікаў і тэматыка, што пацвярджае яго актуальнасць. Выкарыстоўваючы такія магутныя сродкі, якімі з'яўляюцца кіно і тэлебачанне, фестываль шукае новыя каштоўнасці, нягледзячы на працэсы секулярызацыі ў сучасным свеце.

Фестываль «MAGNIFICAT» з'яўляецца аглядам прац беларускіх і замежных майстроў у галіне кіно і тэлебачання, якія накіраваны на абарону хрысціянскіх і агульначалавечых каштоўнасцей і іх распаўсюджванне і створаны ў розных хрысціянскіх традыцыях. Заснавальнікамі фестывалю з'яўляюцца Каталіцкая асацыяцыя для камунікацый «Signis - Беларусь», Віцебская дыяцэзія, рэдакцыя культурна-рэлігійнага часопіса «Дыялог», студыя «Стоп-кадр».

Li-Lu
12 верасня 2011 года

Абмеркаваць навіну

© Copyright Пресс-служба ТОНК «Облако-9»




Copyright © 2003–2017 WebSiteEditor Татьяна Николаева aka Li-Lu
Copyright © 2003–2017 WebMaster Андрей Николаев aka Shaman
Разрешается публикация материалов со ссылкой на сайт TOHK «ОБЛАКО-9»
 

TOHK «ОБЛАКО-9»









Яндекс.Метрика


Exp.: Пт, 15.12.17 08:03
Mod.: Вт, 20.03.12 15:10