Шчырае кіно паказаў у Брэсце Алег Дашкевіч

Беларуска-літоўская асацыяцыя «БелФільм» прэзентавала ў рэдакцыі «Брестского курьера» 2 дакументальныя фільмы — «Крывавы след» і «3 кіламетры да неба». Асацыяцыю прадстаўлялі таленавітыя рэжысёр Алег Дашкевіч і аператар Віталь Каракорскі.

Як патлумачыў Дашкевіч, такія дэманстрацыі складаюць адмысловы праект «Белфільма», накіраваны на распаўсюд якаснага кінапрадукта і пашырэнне культурнай прасторы сярод беларусаў, якія, на жаль, дагэтуль маюць вельмі небагата магчымасцяў убачыць тое, што на экраны тэлебачання не трапляе. Сюды ўваходзяць не толькі фільмы беларускіх рэжысёраў, але і творы іх замежных калегаў. Праўда, у «Белфільма» няма правоў іх распаўсюджваць — толькі паказваць.

Аўтабіяграфічная стужка «Крывавы след» рэжысёра Рычарда Пэры менавіта з гэтай серыі. Брэсцкім калегам галоўнага героя — журналіста-фатографа Роберта Кінга — было цікава пабачыць гісторыю станаўлення яго кар'еры і асобы. Змястоўны і гістарычны фон у «Крывавага следу» — паколькі Роберт Кінг ваенны фатограф, значнае месца ў стужцы займаюць відэа- і фотасюжэты з гарачых некалі кропак свету: Косава, Афганістана, Чачні, Ірана і іншых. Фільм чапляе выключнай шчырасцю героя, які распавядае не толькі пра свае дасягненні, але і заганы тыпу захаплення алкаголем і наркотыкамі, што нярэдка суправаджаюць людзей рызыкоўных прафесій. Сіла духу Роберта Кінга праяўляецца якраз не ў тым, што ён не баіцца знаходзіцца на вайне, а ў тым, што аднойчы ён змог адмовіцца ад дэструктыўнасці ў адносінах да сябе, пабудаваць сям'ю і пачаць выходзіць са стрэсу з дапамогай лясной цішыні, а не тлуму бараў і казіно.

17-хлілінны фільм «3 кіламетры да неба» Вольгі Дашук, дачкі слыннага рэжысёра Віктара Дашука, зусім іншы. Цяжка сказаць, пра што ён — пра шчасце ці пакуту, пра каханне ці барацьбу за жыццё. Напэўна, пра ўсё разам. У адрозненне ад папярэдняй стужкі, у ім няма рэтраспектыў, героі паказаны тут і зараз, без якіх-кольвек тлумачэнняў і падводак. Маладая жанатая пара ў фільме — цэлы сусвет, і не толькі таму, што «сям'я — гэта асобная ячэйка грамадства». Героі амаль ізаляваны ад астатняга свету тым, што ён — інвалід, а яна вымушана ўвесь час быць пры ім. Яны даўно змірыліся з абставінамі, навучыліся жыць у іх і не папракаць адзін аднаго «зламаным лёсам». Такія фільмы трэба глядзець і абмяркоўваць у школах, дзіцячых інтэрнатах, у таварыствах інвалідаў. І каб гледачы былі не толькі людзі з абмежаванымі магчымасцямі, але і іх блізкае акружэнне.

Алег Дашкевіч паказаў на развітанне адзін свой фільм ды паведаміў, што ў праекта «Белфільма» можа быць і іншы паварот. Арганізатары падумваюць, каб, акрамя дэманстрацыі фільмаў, правесці яшчэ серыю майстар-класаў для аматараў кінематографа ў рэгіёнах.

Іна Хоміч
3 жніўня 2011 года

Крыніца: «Брестский курьер», № 31 (1067) ад 03.08.2011

Абмеркаваць навіну

© Copyright Пресс-служба ТОНК «Облако-9»




Copyright © 2003–2017 WebSiteEditor Татьяна Николаева aka Li-Lu
Copyright © 2003–2017 WebMaster Андрей Николаев aka Shaman
Разрешается публикация материалов со ссылкой на сайт TOHK «ОБЛАКО-9»
 

TOHK «ОБЛАКО-9»









Яндекс.Метрика


Exp.: Пт, 15.12.17 08:04
Mod.: Вт, 20.03.12 15:10